ЛІ́ЧБАВАГА КАНТРО́ЛЮ МАШЫ́НА,

разнавіднасць кіравальнага выліч. комплексу для атрымання і апрацоўкі вымяральнай, кантрольнай, дыягнастычнай інфармацыі. Выкарыстоўваюцца ў гібкіх аўтаматызаваных вытворчасцях, на заводах-аўтаматах, ў сістэмах аўтам. кіравання тэхнал. працэсамі і абсталяваннем, станках з лічбавым кіраваннем і інш.

Звычайна ўбудоўваецца ў абсталяванне ў розным канструкцыйным выкананні, радзей як Л.к.м. выкарыстоўваюцца аўтаномныя міні- ці мікра-ЭВМ. Маюць абмежаваныя магчымасці апрацоўкі інфармацыі, спрошчаную арганізацыю прылад уводу-вываду (для сувязі са знешнімі крыніцамі інфармацыі дадаткова забяспечваюцца стандартнымі блокамі ўводу-вываду) і невял. колькасць перыферыйных прылад. Пры выкарыстанні Л.к.м. працэс кантролю, рэгулявання і кіравання зводзіцца да выканання тыповых алгарытмаў першапачатковай апрацоўкі інфармацыі, праграмна-лагічнага кантролю і кіравання, ідэнтыфікацыі, аптымальнага і адаптыўнага кіравання і рэгулявання.

М.П.Савік.

т. 9, с. 327

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)